ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,

травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.

У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)